5 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень белага кія – сімвала невідушчага чалавека. Ён закліканы прыцягнуць увагу грамадства да праблем сляпых і са слабым зрокам людзей і сфарміраваць талерантнае стаўленне да іх. У рамках месячніка «Чалавек з белым кіем» 15.10.2025 у школе быў праведзены конкурс малюнкаў "Беражыце зрок"; 25.10.2025 навучэнцам 5-11 класаў быў паказаны відэафільм "Дыялог у цемры". Праект "Дыялог у цемры" - дзіўны інтэрактыўны музей, які знаёміць простага абывацеля са светам невідушчага чалавека і прымушае адчуць і перажыць ні з чым не параўнальныя эмоцыі. Класнымі кіраўнікамі 1-11 класаў праведзены выхаваўчыя мерапрыемствы "Чалавек з белым кіем", "Жыць-значыць рабіць дабро", "Нам праз сэрца бачны свет" і іншыя. Навучэнцы пачулі гісторыю белага кійка, даведаліся пра шрыфт Брайля, пра прыборы для сляпых, пра памочнікаў сляпых людзей: сабак-павадыраў. Падчас мерапрыемстваў былі прагледжаны сацыяльныя відэаролікі, праведзены гутаркі аб талерантнасці, пашыраны і замацаваны ўяўленні дзяцей аб дабрыні, аб ролі зроку ў жыцці чалавека. Месячнік «Чалавек з белым кіем» – гэта магчымасць прыцягнуць навучэнцаў да праблем невідушчых людзей, выхаваць талерантнасць і павагу да людзей, а таксама паказаць, як жыве ў сучасным свеце невідушчы чалавек і якіх поспехаў ён можа дабіцца.




