23.04.2026 у 6 класе нашай школы адбылася важная размова на тэму бяспекі і павагі асабістых межаў. Класны час «Стоп! Вучымся жыць без жорсткасці» быў накіраваны на прафілактыку агрэсіўных паводзін, булінгу і фармаванне ў падлеткаў навыкаў адказных і бяспечных паводзін.
Падчас заняткаў юнакі і дзяўчаты разам з педагогам разабралі ключавыя паняцці: чым адрозніваецца сварка ад гвалту, што такое асабістыя межы і чаму іх важна ўмець абараняць. Асаблівую ўвагу надалі відам насілля - фізічнаму, псіхалагічнаму, эканамічнаму і кібербулінгу. Шасцікласнікі актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні рэальных жыццёвых сітуацый (кейсаў), вучыліся адрозніваць выпадковую агрэсію ад сістэматычнага цкавання.
Адным з самых важных этапаў класнай гадзіны стала распрацоўка алгарытму дзеянняў у выпадку, калі дзіця само сутыкнулася з жорсткасцю або стала сведкам таго, як крыўдзяць іншага. Навучэнцы запомнілі простае, але дзейснае правіла: "Не маўчы - раскажы даросламу". Разам з класным кіраўніком юнакі і дзяўчаты склалі «Сцяну дапамогі», куды ўвайшлі бацькі, настаўнікі, школьны псіхолаг і нумар экстранай службы 112. У завяршэнне кожны вучань стварыў сваю «Далонь бяспекі» — памятку, на пальцах якой ён напісаў, каму можна даверыцца, дзе адчувае сябе ў бяспецы і як паступаць у складанай сітуацыі.
Падобныя мерапрыемствы неабходны для стварэння камфортнага і бяспечнага асяроддзя ў школе. Мы дзякуем усім удзельнікам за адкрытасць і сур'ёзныя адносіны да тэмы. Памятайце: павага да сябе і іншых - аснова здаровых адносін. А паведаміць пра жорсткасць - гэта не ябедніцтва, а праява сілы і адказнасці.








